(no subject)

Няма нічога горшага ,чым сесці на хвалінку папіць гарбаты перад тым, як ісці рабіць тое, чаго не хочацца. У выніку час праходзіць марна, катлеты не смажаныя, хата не меценая. Але і кніжка таксама не чытаная. Карацей, наймарнейшая марнасць.
Усё, перастаю спаміць і іду на кухню.

(no subject)

Учора, нарэшце, спраўдзілася мара ідыёткі: павязала пад музычку. Я так старанна калупала першыя радочкі пустой гумкі, потым лягчэйшыя наступныя, што незаўважна праседзела да гадзіны пад Марэка Грэхуту. Я, як Фёдар Карамазаў, раблюся пад старасць злой і сентыментальнай.
Праўда, раніцай высветлілася, што трэба было вязаць на 10 см шырэйшую, усё давялося распусціць. Але мне важны працэс. І файная музычка.

(no subject)

Вераніка занадта рана навучылася чытаць. Неяк прыціхла. Гляджу - адкапала балады Шылера, сядзіць і чытае гэтую крывавую жудасць. Напэўна, малюнкі спадабаліся, бо выданне вельмі прыгожае. Забраць ці не забраць - вось дзе пытанне.

(no subject)

Учора на прэзентацыі Марціновіча купіла заадно і дыск з вершамі Купалы. Дзеля нарыса Някляева купіла. Але Эміля слухаць не хоча, давядецца ўключаць "Дзеда-Барадзеда".

гэта як так, сама сабе

... А яшчэ я з дзяцінства баялася мерцвякоў. Да жудасці. Не сапраўдных, а тых, якія толькі і чакаюць, каб напасці ў цемры з-за спіны і задушыць вас. Ці чаго яны там ад людзей хочуць?
Але гадоў у 12 падсела я на "Кансуэлу". Галоўная гераіня, як вядома, была там асобай шляхетнай і вельмі моцнай духам. Аднойчы яна некуды там пайшла ў жудаснай цемры, таму што мерцвякоў баяцца, на яе думку, было найгаенбнай заганай. Пасля таго, як я гэта прачытала, мне ўдалося паціху пераадолець свой страх да такой ступені, што я магла спакойна зайсці ў цёмны пакой і не выбягаць адтуль, нібыта там чорт сядзіць.
Так што "Кансуэла" мяне таксама змяніла.

А як будзе больш па-беларуску? Ці па-большбеларуску?

Дзясятую частку "Праклёна" Гапеева ўчора прачытала. Уражаннямі ад рамана падзялюся потым абавязкова. Пакуль што крык душы, які больш датычыцца, напэўна, не Гапеева, а карэктара і рэдактара. Выкладнік універсітэта і загаднік кафедры - гэта што такое наогул? Самае жудаснае, што гэтых выкладнікаў яндэкс выдае ажно 242 адказы, загаднік - 198. Гугліць лянотна. У бібліятэку мне зараз не патрапіць, каб пакапацца ў слоўніках, але на слоўніку.орг гэтыя перліны знойдзены толькі ў Трасянка-беларускім слоўніку (Пацюпа). Адгадайце, хто рэдактар рамана.

Ну вось навошта, навошта гэтыя моўныя вычварэнні? Я яшчэ разумею, калі ты прапаноўваеш знаёмым купіць пячэнне да чаю, а яны вельмі так выразна згаджаюцца, што да гарбаты трэба было б печыва купіць. І што ў варыўні стаіць лядоўня, а халадзільнікі толькі саўкі купляюць. Гэта я яшчэ магу зразумець. Але такія простыя і звыклыя словы навошта перамяняць. Якім чынам адзін суфікс стаў лепшым за другі? Давайце тады і "Перапісчыка" Багдановіча на перапісьніка заменім. А што? Ці, напрыклад, будзем пісаць загадоўца і выкладоўца.

Апошнім часам усё часцей адчуваю, што не ведаю беларускай мовы. Што кожны, хто не лянуецца, а тым больш той, хто лічыць сябе элітай, мае права ў любы момант адкапаць нешта ў нейкім слоўніку ці, яшчэ лепш, выдумаць, а ўсё астатняе абвясціць састарэлым хламам.

П.С. Вось толькі што знайшла яшчэ: "на ўсю патоку".

Яшчэ адно П.С. Я ведаю, што мова развіваецца, змены непазбежныя, савецкі варыянт беларускай мовы моцна зрусіфікаваны і г.д. Я зараз не пра гэта.

Шкодныя дзеткі

Летам Вераніцы часта няма чым заняцца і яна дурэе, асабліва калі я Эміляй занятая. Дазволіла ёй учора глядзець што хоча і колькі хоча, толькі каб не ныла. А сёння ўся мая старонка на ютубе заваленая клубам Мікі Маўса і прапановамі абейжаць іх поновне. Усё, стаўлю пароль на комп.

(no subject)

Не ведаю, як у каго, а ў мяне за акном дзікія крыкі і хаос. Наша Ніва кажа, што маскалі нешта выйгралі. Цікава, гэты крык таксама маскалі ўзнялі, ці ім малодшыя браты дапамагаюць.